ПСІХАЛО́ГІЯ САЦЫЯ́ЛЬНАЯ,
навука, якая вывучае зносіны, паводзіны і дзейнасць асобы, уключанай у сац. супольнасці, а таксама псіхалагічныя характарыстыкі гэтых супольнасцей. Гал. паняцці П.с. — асоба і зносіны. Адрозніваюць данавук. перыяд развіцця П.с., звязаны з кіраваннем і ўздзеяннем на людзей (правадыры плямён, прамоўцы, дзярж. дзеячы і інш.). Абагульненні гэтага эмпірычнага вопыту ажыццёўлены ў працах філосафаў і паліт. дзеячаў (у эпоху антычнасці Платон, Арыстоцель, у наступныя эпохі Т.Гобс, П.Гасендзі, Б.Спіноза, Дж.Лок, Ж.Ж.Русо, К.Гельвецый, у філасофіі 19 ст. Л.Феербах, Г.Гегель і інш.). Сучасны этап развіцця П.с. пачаўся ў 2-й пал. 19 ст. (М.Лацарус, Г.Штайнталь). Вылучаны 3 асн. кірункі П.с.: псіхалогія народаў(В.Вунт), псіхалогія мас (Г.Тард, Г.Лебон), псіхалогія інстынктаў. Пасля 1-й сусв. вайны цэнтр развіцця П.с. перамясціўся ў ЗША, дзе яна развівалася ў рамках эксперым. традыцыі. Найб. значныя вынікі атрыманы ў галіне вывучэння структуры і дынамікі малых груп, уздзеяння групы на асобу, фарміравання сац. установак і іх уздзеяння на паводзіны людзей, псіхалогіі кіравання, рэкламы, гандлю і інш. У шэрагу навук. дысцыплін П.с. найб. распрацавана групавая псіхалогія (даследаванні малых груп людзей, якія разглядаюцца як цэласныя структурна-дынамічныя ўтварэнні). Адрозніваюць нефармальныя групы, што стыхійна ўзнікаюць на аснове асабістых адносін, і фармальныя групы, якія ствараюцца для выканання пэўных грамадскіх функцый; даследуюцца розныя аспекты міжасобасных узаемаадносін унутры групы, праблема лідэрства. Вывучэнне зместу, дынамікі і структуры міжасобасных адносін і зносін у групах дзіцячага сада, школьных класах, групах ПТВ, студэнцкіх групах і вытв. калектывах, а таксама даследаванні ўплыву дарослых і кіраўнікоў на гэтыя працэсы прывялі да стварэння адносна самастойных галін П.с. — узроставай (генетычнай) і педагагічнай П.с. Асн. праблемы ўзроставай П.с. — вывучэнне ўзроставых заканамернасцей развіцця зносін асобы; кантактных (малых) груп і калектываў; паэтапнае развіццё кантактнай групы як універсальнай сістэмы непасрэдных зносін у працэсе сумеснай дзейнасці; узроставыя заканамернасці ўзаемадзеяння асобы з шырокім сац. асяроддзем. Пед. П.с. вывучае ўплыў педагогаў на гэтыя працэсы.
На Беларусі развіваюцца практычна ўсе асн. галіны П.с. Яе станаўленне ажыццяўлялася пад уплывам адраджэння гэтай галіны псіхалогіі ў СССР у канцы 1950 — пач. 1960-х г. Першыя публікацыі бел. псіхолагаў у галіне П.с. з’явіліся ў 1962. Псіхолагі Беларусі першымі пачалі эксперым. вывучэнне міжасобасных адносін у дзіцячых і вучэбных групах, калектывах; разам з псіхолагамі Ленінграда яны ўпершыню выкарысталі мадыфікаваныя і сацыяметрычныя метады. Актуальныя і фундаментальныя праблемы П.с. распрацоўваюцца ў Ін-це сацыялогіі Нац. АН Беларусі (Я.М.Бабосаў, В.А.Секун), Бел. пед. ун-це (Я.Л.Каламінскі, Н.А.Цыркун, Л.А.Панько), Нац. ін-це адукацыі (І.А.Фурманаў, В.Я.Каламінская, М.А.Крэмень, Л.А.Пергаменшчык), БДУ (Г.М.Кучынскі, У.А.Палікарпаў), Гродзенскім дзярж. ун-це (С.В.Кандрацьева), Акадэміі паслядыпломнай адукацыі (У.А.Янчук).
Літ.:
Генетические проблемы социальной психологии: Сб. ст. Мн., 1985;
Петровский А.В. Личность. Деятельность. Коллектив. Мн., 1982;
Западная социальная психология в поисках новой парадигмы. М., 1993;
Одайник В. Психология политики: Полит. и социал. идеи К.Г.Юнга: Пер. с англ. СПб., 1996;
Реан А.А., Коломинский Я.Л. Социальная педагогическая психология. СПб., 1999;
Коломинский Я.Л. Психология взаимоотношений в малых группах (общие и возрастные особенности). 2 изд. Мн., 2000.
Я.Л.Каламінскі.
т. 13, с. 103